Claude Opus 4.7: што ў ім новага і каму з гэтага карысць

16 красавіка Anthropic выкаціла Claude Opus 4.7 — наступніка Opus 4.6. Не рэвалюцыя (гэтае слова мы тут не ўжываем), а акуратны апгрэйд з некалькімі рэчамі, якія адчуеш адразу, калі карыстаешся мадэллю штодня.

Літэральна слухае

Галоўная змена ў паводзінах: 4.7 выконвае інструкцыі даслоўна. Раней Claude мог «інтэрпрэтаваць» твой промпт — нешта прапусціць, нешта дадаць ад сябе. Цяпер не. Калі ты напісаў «тры пункты» — будзе тры, не чатыры.

Пабочны эфект: старыя промпты, заменчаныя пад 4.6, могуць даваць нечаканы вынік. Anthropic прама кажа — перабярыце свае шаблоны. Гэта не баг, гэта цана дакладнасці.

Зрок у HD

4.7 бачыць карцінкі ў тры з паловай разы большага памеру — да 2576 пікселяў па доўгім боку (каля 3,75 мегапікселя). На практыцы гэта значыць:

  • скрыншоты інтэрфейсаў чытаюцца без «а што там дробнымі літарамі»
  • складаныя дыяграмы і графікі разбіраюцца цалкам
  • OCR-задачы і праца з дакументамі — без перадаблічвання на фрагменты

Калі ты калі-небудзь мучыўся з тым, што Claude «не бачыць» дробязяў на скрыне — вось, паправілі.

Памяць праз файлы

Мадэль лепш працуе з памяццю на аснове файлавай сістэмы. Перакладаючы з тэхнічнага: у доўгіх шматсесійных праектах 4.7 лепш трымае нататкі і не патрабуе перазагружаць кантэкст кожны раз. Для тых, хто жыве ў Claude Code ці вядзе доўгія агенцкія задачы — адчувальна.

Кодынг і праца з дакументамі

Тут галоўныя лічбы прэс-рэлізу. 4.7 робіць лепш складаныя праграмісцкія задачы — тыя, што раней патрабавалі няньчыць мадэль. Плюс ён state-of-the-art на GDPval-AA (гэта тэст на «эканамічна карыснай» працы — фінансы, права, аналітыка). Таксама лепш робіць прэзентацыі і дакументы.

Для Claude Code дадалі каманду /ultrareview — асобная сесія-рэўю, якая чытае змены і шукае багі. Pro- і Max-юзерам даюць тры бясплатныя спробы. І ўключылі auto mode для Max — Claude сам прымае рашэнні падчас доўгіх задач, без пастаянных «можна я гэта зраблю?».

Токены — асцярожна

Тут падводны камень. 4.7 выкарыстоўвае новы такенізатар — той самы тэкст можа разбівацца на 1,0–1,35× больш токенаў, чым раней. Плюс на высокіх узроўнях «намагання» мадэль думае больш, значыць, і піша больш.

Кошт застаўся тым жа: $5 за мільён уваходных токенаў і $25 за мільён выходных. Але калі ў цябе піплайны на аб’ёмах — правер, колькі гэта будзе каштаваць рэальна, перш чым пераключацца.

Anthropic увяла новы ўзровень намагання xhigh — паміж high і max. У Claude Code яго паставілі па змаўчанні.

Што з бяспекай

Mythos Preview — самая прасунутая мадэль Anthropic — застаецца ў абмежаваным доступе. 4.7 — першая мадэль, на якой тэстуюць новыя засцерагальнікі перад шырокім выпускам Mythos-класа. У прыватнасці — аўтаматычнае выяўленне запытаў на кібербяспекавыя задачы. Для прафесіяналаў галіны ёсць Cyber Verification Program.

Каму гэта патрэбна прама цяпер

  • Кодэрам — абнавіцца варта, асабліва калі працуеш у Claude Code
  • Тым, хто будуе агентаў — лепшая памяць і vision
  • Фінансістам/аналітыкам — SOTA на профільных тэстах
  • Усім астатнім — апгрэйд адбываецца аўтаматычна ў chat.claude.ai, проста пераправерце свае промпты