• За 15 гадоў колькасьць навуковых артыкулаў пра ШІ вырасла ў 30 разоў. І гэта праблема

    Стэнфард выпусьціў штогадовы AI Index 2026 — і там цікавы парадокс. Навукоўцы накінуліся на ШІ як ніколі, але самыя крутыя ШІ-агенты ўсё яшчэ робяць складаныя задачы ўдвая горш за чалавека з PhD.

    Лічбы трывожаць. У 2025-м больш за 80 000 публікацыяў у прыродазнаўчых навуках згадалі ШІ — на 26% больш, чым летась. З 2010 года рост — у 30 разоў. Найбольш — у фізіцы (33 000 артыкулаў), найбольшы адсотак — у навуках пра Зямлю (9%).

    Зьявіліся і «fundation-мадэлі для навукі» — спэцыяльна навучаныя на велізарных датасэтах канкрэтнай галіны. Сярод свежых — AION-1 для астраноміі, навучаная на 200 мільёнах нябесных аб’ектаў. Класыфікуе галактыкі, ацэньвае іх уласьцівасьці. Год таму навукоўцы нават ня ведалі, што такія мадэлі існуюць.

    Але вось у чым прыкол. ШІ-агенты — тыя, што нібыта павінны самі рабіць шматкрокавыя экспэрымэнты — паказваюць сябе так сабе. Лепшыя зь іх набіраюць прыкладна палову ад балу чалавека-спэцыяліста. «Агенты цудоўныя, але мы яшчэ далёка ад таго, каб разумець, як іх эфэктыўна выкарыстоўваць», — кажа Ёлянда Гіл з Унівэрсытэта Паўднёвай Каліфорніі, якая вяла справаздачу.

    Скептычна настроены і Арвінд Нараянан з Прынстана: «Гэта адбываецца занадта хутка, навуковыя нормы ня пасьпяваюць адаптавацца, таму якасьць дасьледаваньняў пайшла ў піке». Гіл згаджаецца, што доказаў росту прадуктыўнасьці пакуль мала. Але дадае: «Калі забраць у навукоўцаў ШІ, будзе бунт. Значыць, у нечым ён дапамагае».

    Кантэкст просты: апошнія тры гады ўсе казалі, што ШІ вось-вось заменіць цэлыя сэгмэнты навуковай працы. Стэнфард паказвае рэальную карціну. ШІ ўжо ўсюды — у пошуку літаратуры, у апрацоўцы дадзеных, у генэрацыі гіпотэзаў. Але рабіць поўны цыкл дасьледаваньня самастойна ён яшчэ ня ўмее. Пакуль што гэта моцны асыстэнт, а ня калега. І галоўнае пытаньне на наступны год — ці паспеюць навуковыя стандарты дагнаць хуткасьць укараненьня. Бо калі не — атрымаем гару артыкулаў, якія ніхто ня здолее правільна перачытаць.

  • Wearables 2026: палова прылад сочыць за тваім здароўем, а ты — за імі


    У 2026-м кожная другая разумная прылада на тваім целе ўмее не толькі лічыць крокі, але і прадказваць хваробы. Рынак насімага ШІ — $55,7 мільярда. Гэта ўжо не цацка для гікаў.

    614 мільёнаў прылад паедзе да пакупнікоў сёлета. 40% зь іх — з ШІ «з заводу». Больш за палова ўсіх wearables ужо аналізуе пульс, сон, ЭКГ і ціха шэпча: «брат, схадзі да доктара».

    Асобна — медыцына. $117,4 мільярда, поўны сур’ёз: маніторынг хранічных захворваньняў, прагнозы, алерты. Гадзіньнік ператвараецца ў фельчара, які заўжды з табою.

    Яшчэ гадоў пяць таму «разумны» гадзіньнік умеў дзьве рэчы: паказваць час і вібраваць на імэйл. Цяпер унутры — мадэлі, якія параўноўваюць твае паказчыкі з мільёнамі іншых і заўважаюць адхіленьні раней за цябе самога. Apple, Samsung, Google, Huawei і дзясяткі стартапаў ткнулі ШІ ў кожны датчык. Таму што менавіта здароўе аказалася той фічай, за якую людзі гатовыя плаціць. Не за новы цыфэрблат — за спакой.

    Медыцынскі сэгмэнт расьце хутчэй за ўвесь wearables-рынак. Мяжа паміж «фітнес-трэкерам» і «медыцынскай прыладай» расплываецца. ФДА ў ЗША ўжо сэртыфікуе ЭКГ на спажывецкіх гадзіньніках. Далей — больш.